Школьная бібліятэка да 215-годдзя В. Дуніна- Марцінкевіча

13.02.2023

ВІНЦЭНТ  (ВІКЕНЦІЙ ІВАНАВІЧ) ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ (1808, Бабруйскі р-н – 1884) – паэт, драматург, тэатральны дзеяч, адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, заснавальнік нацыянальнай драматургіі і тэатра, асветнік.

Нарадзіўся 4 лютага 1808 г. (па новым стылі) у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці) у шляхецкай сям’і Яна (Івана) Дуніна-Марцінкевіча і Марцыяны з роду Нядзведзкіх. Хлопчыка назвалі Вінцэнтам Якубам. Продкі пісьменніка калісьці, яшчэ ў XVII ст., валодалі маёнткам Марцінкевічы ў Смаленскім ваяводстве. Род меў свой герб — «Лебедзь», карыстаўся ўсімі шляхецкімі правамі. Але бацькі Вінцэнта ўласнай зямлі ўжо не мелі і арандавалі фальварак Панюшкавічы ў блізкага сваяка Станіслава Богуша-Сестранцэвіча — магілёўскага архіепіскапа, пазней мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх касцёлаў Расійскай імперыі. Трэба адзначыць, што дваранскае паходжанне В. Дуніну-Марцінкевічу неаднаразова даводзілася пацвярджаць у сувязі з неабходнасцю вырашэння розных асабістых і сямейных пытанняў, бо гэтага патрабавала бюракратычная сістэма імперскай Расіі.

Пра юнацкія гады Вінцэнта дакументальна пацверджаных дадзеных мала. Ён рана застаўся без бацькі. Лічылася, што ў 1824 г. скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, але ёсць звесткі, што ўжо ў 1819 г. Вінцэнт быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбург на папячэнне С. Богуша-Сестранцэвіча, чалавека вельмі адукаванага, вучонага-славіста, літаратара, члена Расійскай акадэміі навук, які сам займаўся яго выхаваннем. Існуе версія, што малады Дунін-Марцінкевіч паступіў у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, але пакінуў вучобу, бо не мог знаходзіцца ў анатамічным пакоі.

Зсярэдзіны 1820-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч жыў у Мінску, быў на дзяржаўнай службе: памочнікам каморніка і каморнікам межавога суда, служачым палаты крымінальнага суда, перакладчыкам у каталіцкай духоўнай кансісторыі, меў пасаду пры дваранскім сходзе.

У 1831 г. узяў шлюб з дачкой адваката Юзэфай Бараноўскай, з якой яны мелі семярых дзяцей. У 1840 г. набыў невялікі маёнтак Люцынка ў Пяршайскай воласці Мінскага павета (цяпер вёска Малая Люцінка ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці) і пасяліўся там, пакінуўшы дзяржаўную службу.

Ёсць звесткі, што ўпачатку 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч некаторы час служыў аканомам у маёнтку Шчаўры ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні. Пазней паколькі ён меў досвед працы з юрыдычнымі дакументамі, ездзіў па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў якасці даверанай асобы сваіх кліентаў, займаючыся вырашэннем іх спраў. Шмат часу праводзіў у Мінску, дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным і літаратурным жыцці.

У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Першыя творы напісаны на польскай мове. Ім былі створаны тэксты да аперэт «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», а таксама «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (у 1841 г. пастаўлена ў Мінску аматарскім гуртком), дзе была ўзнята тэма рэкрутчыны, як перашкоды ў шчаслівым уладкаванні жыцця яўрэйскай сям’і. Тэксты і партытуры гэтых твораў да нашага часу не захаваліся (за выключэннем адной арыі з аперэты «Рэкруцкі яўрэйскі набор»). Музыку да іх напісаў кампазітар Станіслаў Манюшка. Удзел у стварэнні музыкі прымаў і сам пісьменнік, часам пры пастаноўцы п’ес выступаў як акцёр (напрыклад, выканаў ролю старога яўрэя ў аперэце «Рэкруцкі яўрэйскі набор»).

З сярэдзіны 1840-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пачынае супрацоўніцтва з выдаўцамі. У 1846 г. у Вільні асобным выданнем выйшла лібрэта музычна-драматычнага твора — оперы «Сялянка» (пазней з’явілася іншая назва — «Ідылія»). Музыку да яе напісалі С. Манюшка і К. Кжыжаноўскі з удзелам самога В. Дуніна-Марцінкевіча. «Ідылія» лічыцца прынцыповай з’явай у станаўленні новай беларускай літаратуры.

Тэатр, або драматычны гурток, Дуніна-Марцінкевіча — створаны ім аматарскі тэатральны калектыў — існаваў у 1840-1850-я гг. Ён лічыцца першым беларускім нацыянальным тэатрам сучаснага тыпу. Трупа складалася больш чым з 20 чалавек, у іх ліку сам пісьменнік, ягоныя дзве дачкі і сын, прадстаўнікі мінскай інтэлігенцыі. У спектаклях удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, існаваў і аркестр. Ставіліся галоўным чынам п’есы Дуніна-Марцінкевіча. Публіка і тэатральныя крытыкі адзначалі выдатныя акцёрскія здольнасці самога драматурга. Тэатр прытрымліваўся традыцый народнага мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам. Пасля першай жа пастаноўкі «Сялянкі» дзейнасць калектыва была забаронена ўладамі, але спектаклі праходзілі (фактычна нелегальна) у розных гарадах Беларусі да 1856 г.

Дзеці В. Дуніна-Марцінкевіча — дачка Каміла і сын Міраслаў — у канцы 1840-х гг., яшчэ ў падлеткавым узросце, набылі вядомасць як таленавітыя піяністы-выканаўцы, выступалі з канцэртамі ў Мінску, Вільні, Кіеве, Варшаве. Бацька клапаціўся пра далейшае ўдасканаленне майстэрства дзяцей і ў 1851 г. звярнуўся да наследніка трона — вялікага князя Аляксандра Мікалаевіча з прашэннем аб іх залічэнні ў Парыжскую кансерваторыю на казённы кошт, аднак атрымаў адмову. Пазней Міраслаў вучыўся ў музычным інстытуце ў Варшаве. Каміла ж нават пісала музыку.

У1850-я гг. В. Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Мінску. У 1854 г. памерла жонка пісьменніка. Пазней ён узяў шлюб з Марыяй Грушэўскай. Літаратар часта бываў у Вільні, дзе сустракаўся з многімі дзеячамі культуры і навукі. У 1854 г. ажыццявіў паездку на Палессе. Некалькі разоў наведваў Шчаўры. Меў ён шырокія кантакты і з мінскай інтэлігенцыяй: паэтамі, музыкантамі, мастакамі, выдаўцамі.

У гэты перыяд упершыню ў Мінску выйшлі з друку яго паэтычныя зборнікі: «Гапон» (1855 г.), «Вечарніцы і Апантаны» (1855 г.), «Цікавішся? Прачытай!» (1856 г.), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857 г.). У выданні ўвайшлі прысвечаныя жыццю сялян вершаваныя аповесці і апавяданні, напісаныя не толькі па-польску, але і па-беларуску. Гэта паэма «Гапон» — першы твор В. Дуніна-Марцінкевіча, створаны цалкам на беларускай мове, дзе апісваецца ўмоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства. Беларускамоўныя аповесці «Дурны Зміцер, хоць хітры», «Стаўроўскія дзяды», «Купала», «Шчароўскія дажынкі» маюць выразныя фальклорныя матывы. Сярод апублікаваных у зборніках польскамоўных твораў найбольш значныя — апавяданні «Славяне ў XIX стагоддзі», прысвечанае барацьбе паўднёвых славян супраць туркаў, і «Літаратарскія клопаты» пра нялёгкі лёс пісьменніка, яго матэрыяльныя і душэўныя турботы, а таксама пра радасць ад людской падтрымкі. Апрача таго, у гэтых выданнях змешчаны і вершы на польскай і беларускай мовах.

У 1857 г. В. Дуніным-Марцінкевічам напісаны беларуская балада «Травіца брат-сястрыца», дзе аўтар чарговы раз выкарыстаў фальклорны сюжэт, і «Быліцы, расказы Навума», што складаюцца з вершаваных аповесцяў «Злая жонка», у якой асуджаюцца амаральнасць і распуста, і «Халімон на каранацыі», прысвечанай апісанню святкавання з нагоды ўступлення на царскі пасад Аляксандра II, які абяцаў дараваць народу доўгачаканыя «свабоды». Гэтыя творы былі апублікаваны толькі ў сярэдзіне XX ст. у савецкіх часопісах «Беларусь» і «Полымя».

У другой палове 1850-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму польскага паэта беларускага паходжання Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» — эпапею, у якой намалявана шырокая карціна жыцця Беларусі пачатку XIX ст. Гэта быў першы ў свеце пераклад славутага твора на іншую славянскую мову. Яго меркавалася выдаць у Вільні ў 1859 г., два першыя раздзелы (быліцы) з дванаццаці ўжо былі набраны і нават збрашураваны, але ў апошні момант (фармальна з-за таго, што тэкст быў пададзены лацінскім шрыфтам) цэнзура не дазволіла выхад, і амаль увесь тыраж знішчылі. І толькі ў 1907 г. у пецярбургскім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» на падставе захаваўшыхся матэрыялаў (вядомы 4 ацалелыя экзэмпляры) гэты пераклад Дуніна-Марцінкевіча быў выдадзены.

У 1861 г. у Вільні асобным выданнем на польскай мове выйшла вершаванае гістарычнае апавяданне «Люцынка, або Шведы на Літве» (напісана ў 1857 г.), дзе паэтызаваліся мужнасць і гераізм продкаў сучасных беларусаў у барацьбе з захопнікамі. Гэта апошняя кніга В. Дуніна-Марцінкевіча, выдадзеная пры яго жыцці.

Апошнія дзесяцігоддзі жыцця В. Дуніна-Марцінкевіча (з сярэдзіны 1860-х да сярэдзіны 1880-х гг.) прайшлі ў Люцынцы. Жыў ён у той час адасоблена, толькі зрэдку прыязджаў у Мінск. У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч шмат пісаў, але ўсе спробы пісьменніка надрукаваць свае творы заканчваліся няўдачай. У 1866 г. ім была напісана на беларускай мове камедыя (ці, як вызначаў яе жанр сам пісьменнік, фарс-вадэвіль) «Пінская шляхта». Яна лічыцца лепшым з твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. Сцэнічнае ўвасабленне»Пінская шляхта» атрымала толькі ў 1917 г., пастаноўку ажыццявіла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў мінскім гарадскім тэатры. А ў 1918 г. п’еса была ўпершыню апублікавана — у газеце «Вольная Беларусь».

У 1868 г. В. Дуніным-Марцінкевічам створана польскамоўная паэма «З-над Іслачы, або Лекі на сон» (аўтар назваў яе «апавяданнем Навума Прыгаворкі»), дзе ідылічнаму ладу старасвецкіх шляхецкіх засценкаў, які адыходзіць, супрацьпастаўляецца новая рэчаіснасць з яе цынізмам і прагай нажывы. Упершыню гэты твор быў надрукаваны толькі ў 1984 г., ужо ў перакладзе на беларускую мову.

Па-беларуску і па-польску гаварылі персанажы сатырычнай камедыі «Залёты», якая выйшла з-пад пяра В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1870 г. У гэтым творы далейшае развіццё атрымала тэма спажывецтва і беспрынцыпнасці, уласцівых надыходзячаму капіталізму. Польскі тэкст на беларускую мову ў пачатку XX ст. пераклаў Янка Купала, у 1915 г. «Залёты» былі пастаўлены ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. А першая публікацыя гэтай п’есы адбылася ў газеце «Вольная Беларусь» у 1918 г.

У 1876 г. быў узноўлены (на гэты раз сакрэтна) нядаўна зняты нагляд паліцыі над пісьменнікам. Падставай паслужыў той факт, што ў сярэдзіне 1870-х гг. у Люцынцы без афіцыйнага дазволу дзейнічала невялікая прыватная школа, дзе навучала навакольных дзяцей дачка пісьменніка Цэзарына.

Памёр В. Дунін-Марцінкевіч 29 снежня 1884 г. (па новым стылі). Пахаваны на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцынкі.

Школьная бібліятэка запрашае на кніжную выставу “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы”

viber_image_2023-02-13_12-52-18-288